Блог Алеся Крата
Алесь Крот (МПГ “Студэнцкая Рада”) – старшыня арганізацыі.

Прамова Алеся Крата на RADA Forum

u Студзень 04, 2018
y 1 271

Прамова была агучана 16 сьнежня 2017 на адкрыцьці RADA Forum (Менск, Беларусь)

Добрай раніцы, сябры й калегі!

Покуль я ехаў да вас, думаў, зь якога жарту пачаць свой выступ, каб крыху расслабіць аўдыторыю, але так нічога і не прыдумаў нармальнага. Можа быць таму, што такое сумнае жыцьцё, зіма на вуліцы, і нічога не адбываецца. Але не, гэта няпраўда, бо зараз нашае жыцьцё настолькі напоўнена нейкімі падзеямі й уражаньнямі, што бывае проста цяжка іх усе ўзгадаць, бо мы ўвесь час некуды сьпяшаемся. У сувязі з гэтым магчыма нам варта спыняцца час ад часу, каб паразмысьліць над будзёнымі рэчамі й сканцэнтравацца на важнымі. Спадзяюся, такая магчымасьць будзе ў бліжэйшыя два дні на нашым мерапрыемстве RADA Forum.

Што робіць нас маладымі? Можа быць вучоба ва ўнівэрсытэце ці пасядзелкі ў барах за кухвалем піва як у лепшыя студэнцкія часы? Можна, напрыклад, у сорак гадоў праехацца бяшплатна на грамадзкім транспарце, пастаянна выглядаючы пры гэтым кантралёраў на прыпынку, каб адчуць сябе бедным, але маладым студэнтам. Вось я, калі ехаў сюды сягоньня зранку, то адчуў сябе такім чынам маладым. Добра, жартую, я прыехаў на мэтро, а ўсе напэўна ведаюць, што ў ім складана праехаць забяшплатна. Хаця ёсьць розныя лайфхакі. Альбо можа быць удзел у нацыянальнай праграме падтрымкі маладой сям’і робіць нас маладымі?

На гэтае пытаньне я хачу адказаць наступным чынам: ня вонкавыя ўмовы робяць нас маладымі, такія як фармальны ўзрост альбо нарматыўна-прававыя акты, а нашае ўласнае ўнутранае адчуваньне.

Наш Форум мае назву “Моладзевая палітыка для моладзі”. І мне здаецца гэта вельмі трапны выраз, які тлумачыць тое, якую працу з моладзьдзю мы хочам бачыць у Беларусі. Палітыка, якая павінна стварацца, прасоўвацца й рэалізовацца самімі маладымі людзі, каб моладзь была актыўным удзельнікам на працягу ўсяго гэтага працэсу.

Ведаеце, я пражыў больш за 20 год свайго жыцьця на даволі дэпрэсыўным рабочым мікрараёне на ўскрайку Менску, які называецца Асаналіева. З адукацыйных і забаўленьчых рэчаў у нас было толькі футбольнае поле каля завода, якое было больш падобна на пустку, ды школа з паліклінікай. Больш нічога не было. Свой вольны ад школы час мы займалі чым маглі, і часьцей за ўсё гэта было зусім не чытаньне кніжак дома. Ужо бліжэй да 18 гадоў мы сталі езьдзіць у цэнтар гораду, бо на нашым раёне хлопцам можна было альбо толькі піць на пад’езьдзе, альбо проста хадзіць па вуліцы й шукаць, каго можна пабіць. Але мы не хацелі так жыць, мы шукалі магчымасьцей для таго, каб рухацца наперад і разьвівацца, марыць і будаваць пляны на жыцьцё па-за межамі ўсіх тых рэальных рамак, у якіх мы жылі.

І я ведаю, што такіх дэпрэсыўных мікрараёнаў і нават гарадоў хапае па ўсёй Беларусі. І ведаеце што? Я не хачу, каб такія месцы заставаліся ў такім стане, я хачу, каб моладзі сапраўды было чым займацца, разьвівацца як фізычна, так і духоўна, каб маладыя людзі не хацелі хутчэй зваліць з таго месца, дзе яны жывуць, а каб хацелі зьмяняць яго і ствараць нешта для астатніх, хто ў гэтым адчувае патрэбу. А для гэтага нам патрэбны ўмовы з боку дзяржавы, грамадзтва, сям’і.

Я спадзяюся, што гэты Форум дасьць нам магчымасьць, каб падумаць і дамовіцца над тым, што патрэбна сучаснай моладзі (і гэта мусіць быць ня толькі прасунутая моладзь), і якая моладзевая палітыка павінна быць цяпер і ў будучыні ў найлепшай краіне, якая называецца Беларусь.

Дзякуй за ўвагу! Давайце добра папрацуем на выходных для сябе і астатніх.

Алесь Крот, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”.