Свой парламент, талеры і дзяржаўная беларуская мова

Свой парламент, талеры і дзяржаўная беларуская мова: у жніўні пройдзе моладзевы адукацыйны фэст «Рэспубліка Мары»На хутары «Шаблі» пад Валожынам 21—24 жніўня пройдзе моладзевы фестываль-летнік «Рэмара». Хоць слова «летнік» не вельмі падыходзіць да гэтай падзеі.

Арганізатары «Рэмары» абяцаюць цэлую міні-краіну — Рэспубліку Мары.

Што такое «Рэмара»? Гэта чатырохдзёная ролевая адукацыйна-забаўляльная гульня з «поўным пагружэннем». А гуляць удзельнікі будуць у краіну.

У «Рэмары» будзе свая палітычная сістэма з законамі, выбарным парламентам, біржай працы, міліцыяй, падатковай службай і МЗС. Будзе і асобная эканамічная сістэма з уласнымі грошавымі адзінкамі — талерамі.

Кожны ўдзельнік мусіць зарабляць талеры, бо без іх не зможа купіць ежу, аплаціць жытло і сплаціць падаткі, прайсці на канцэрт.

Чыноўнікі «Рэмары» будуць атрымліваць грошы ад дзяржавы, але ўпор будзе зроблены на прыватны бізнэс.

Прадугледжана нават дапамога беспрацоўным.

«Аднак калі не адпрацаваць, наступным разам дапамогу не дадуць», — засяроджвае ўвагу адзін з арганізатараў фестываля Яўген Міхасюк.

Міхасюк кажа, што галоўнай мэтай «Рэмары» ёсць прыцягненне ўвагі моладзі да важных сацыяльных праблем у беларускім грамадстве. Таму ўсе жыхары будуць абавязаныя дбаць аб развіцці сваёй краіны і планаваць яе будучыню.

Дзяржаўнай мовай у «Рэмары» будзе беларуская. Гэта значыць, што ўсе дзяржаўныя пастановы і іншыя дакументы будуць выключна па-беларуску.

Удзельнікаў «Рэмары» таксама чакае насычаная адукацыйная частка. З лекцыямі выступяць Алесь Лагвінец, Сяргей Чалы, Аляксей Ластоўскі, Андрэй Лаўрухін, Іван Вядзенін. Заняткі закрануць праблемы білінгвізму, студэнцкага самакіравання, рыначнай эканомікі, ролі партый ў дзяржаве і іншыя.

Будзе чым заняцца і вольны ад заняткаў час. У летніку будуць гуляць у валейбол, футбол, настольныя гульні. Таксмама абяцаюць паказваць кіно па-беларуску. «Па сутнасці, мы створым першы ў краіне беларускамоўны кінатэатр», — кажа Міхасюк.

Будзе на фестывалі і музыка. Для рэмарцаў выступяць Askiepak, Сяргея Башлыкевіча, Haina, Amaroka, Людзі на балоце і Dzieciuki.

Знаходжанне ў «Рэмары» цягам чатырох дзён будзе каштаваць 250 тысячаў рублёў.

Да ўдзелу запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года. Каб узяць удзел, трэба зарэгістравацца і запоўніць адмысловую анкету. Пакуль на сайце «Рэмары» колькасць месцаў абмежаваная лічбай — 150 чалавек. Аднак Міхасюк запэўніў, што ў «Рэмару» пастараюцца ўзяць усіх ахвотных і пры вялікім патоку заявак павялічыць колькасць месцаў.

Крыніца: Наша Ніва

Распавядзі сябрам:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий