Чым займаецца “СтудРада”?

zayavki-600x400Апошнім часам мы часта сутыкаемся з пытаннямі, звязанымі з дзейнасцю нашай арганізацыі. Мы вырашылі заняцца асветніцтвам і распавесці людзям: хто мы ёсць і што робім на карысць беларускага студэнцтва.

Мы не будзем зараз распавядаць, што ўдзельнічаем у розных мерапрыемствах і сустрэчах, праз якія ідзе праца па змене заканадаўства, напрыклад. Мы не будзем казаць пра прадстаўнічыя функцыі. Пагаворым пра больш бачнае.

Юрыдычная кансультацыя, “Тыдзень студэнта”, семінары “Права студэнтаў простай мовай”, “Жывая бібліятэка”. Як і прасілі, пра канкрэтнае падрабязна.

Юрыдычная кансультацыя

(да нас звяртаюцца людзі, мы імкнемся даць інфармацыю, якая мусіць вырашыць іх пэўную праблему).

Студэнты дасылаюць свае пытанні на нашу пошту, распавядаюць пра свае пэўныя сітуацыі. Праз 5-10 дзён валантэры кансультацыі дасылаюць адказы. Чаму праз сеціва?

  • Больш дрэваў у лясах.
  • Аператыўнасць.
  • Магчымасць звярнуцца да нас ананімна.

Часам адбываюцца і “аффлайн” сустрэчы, калі справа студэнта дастаткова складаная і патрабуе працяглага абмяркавання.

“Тыдзень студэнта”

(мы ладзім шэрах мерапрыемств, якія дапамагаюць студэнтам зразумець, хто яны ёсць і якія маюць правы)

- “ТС” — гэта фестываль, які ладзіць нашая арганізацыя другі год запар. Накіраваны ён на фармаванне братэрства і салідарнасці сярод студэнцтва, а таксама на падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў. “Тыдзень” складаецца з шэраху культурніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў, што адбываюцца з 10 па 17 лістапада. Мы імкнемся данесці да студэнтаў, што 17 лістапада — не толькі нагода сабрацца з сябрамі ды выпіць піва, але і дзень, які звязаны з трагедыяй 1939 года, калі на Дне незалежнасці ў Чехаславакіі быў забіты студэнт Ян Аплітал. Пахаванне маладога чалавека перарасло ў мітынг, які быў жорстка разагнаны і ў выніку якога некаторыя студэнты былі асуджаны, -распавядае каардынатарка “Тыдня студэнта” Марыя Лукашук.

На працягу “Тыдня” звычайна праходзяць адукацыйныя семінары, форум-тэатры, кінаночы, сіці-геймы, “студэнцкі парламент” і іншыя асветніцкія акцыі і мерапрыемствы.

«Правы студэнтаў простай мовай»

(адукацыйны семінар на 3 гадзіны, падчас якога трэнеры распавядаюць удзельнікам пра базавыя правы чалавека і каштоўнасці студэнтаў).

У беларускіх універсітэтах няма практыкі распавядаць студэнтам, на што яны маюць права. Не выкладаюцца базавыя правы чалавека, не кажуць пра іх магчымасці ў межах універсітэта. Студэнтаў прызвычаіліся трымаць. Яны ж, у сваю чаргу, абмяжоўваюць сябе вывучэннем дысцыплін, залікамі і экзаменамі. Мы даем магчымасць выйсці за рамкі. Далей жа — справа за імі, ў жаданні.

«Жывая біблятэка»

(Праект, накіраваны на барацьбу са старэатыпамі. Мерапрыемства на 4 гадзіны)  

Навошта «ЖБ» беларусам?

- Я часта сутыкаюся са стэрэатыпам, што беларусы талерантныя. Гэта ня так, — лічыць адна з каардынатарак праекту ў Беларусі Марына Штрахава. — Каб зразумець, што ў галаве кожнага беларуса існуе «правільная норма», дастаткова паглядзець на шматлікія артыкулы ў СМІ, якія тычацца жыцця розных меньшасцяў і сацыяльных груп. А пасля такіх тэкстаў варта пачытаць і каментары пад імі. Усё, што не супадае з “нормай”, у галаве чалавека павінна быць ледзве не знішчана альбо хаця б моцна схавана за сямью замкамі. Але ўсе гэтыя людзі, пра якіх пішуць і якія прыходзяць да нас “жывымі кнігамі”, жывуць побач з намі: ходзяць у тыя ж крамы і кінатэатры, карыстаюцца метро. І пакуль не скажаш, што чалавек, напрыклад, адбыў 7 год у турме, усе нармальна да чалавека ставяцца, а пасля ўсё змяняецца. «Жывая бібліятэка» спрабуе пераламіць сітуацыю і паказаць, у першую чаргу студэнтам і моладзі, што людзі больш, чым стэрэатыпы. Што людзей варта ўспрымаць такімі, якія яны ёсць, а не судзіць за нейкі факт з жыцця і ставіць на іх крыж.

Гід па “СтудРадзе” скончаны.

Замест P.S.

- Людзі, якія кажуць, што «СтудРада» нічым не займаецца, наўрадці добра знаёмы з арганізацыяй і яе дзейнасцю. Мабыць такое ўражанне складваецца з-за таго, што публічных мерапрыемстваў у нас не так шмат. Але тут трэба разумець, што частка дзейнасці арганізацыі наўпрост не публічная. Напрыклад, тая ж юрыдычная клініка дае адказы асабіста кожнаму, хто да яе звяртаецца. Амаль нічога з гэтага не афішуецца. Як і дзеянні ў абарону канкрэтных студэнтаў, якія просяць, каб іх справы заставаліся непублічнымі, — выказваецца актыўная ўдзельніца каманды «СтудРады» Марына Штрахава.

Акрамя гэтага ўвесь час вядзецца маніторынг парушэнняў правоў і акадэмічных свабод студэнтаў, але ж  праца становіцца заўважная толькі 1-2 разы на год, калі  справаздачы апублічваюцца.

- На мой погляд, для моладзевай арганізацыі са складам актыва ў 10 чалавек мы робім дастаткова. А калі хтосьці думае, што «СтудРада» нічога не робіць, няхай звернецца да нас. Мы ўсё пакажам і раскажам. І нават прапануем  дапамагчы нам і папрацаваць на карысць студэнцтва, — усміхнулася і падвяла рысу Марына.

*Меркаванне “СтудРады” можа не супадаць з пазіцыямі іншых

Распавядзі сябрам:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий