Аптымістычны грамадзянін прайграе песымістычнаму чыноўніку

Пасьля далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу ў 2015 годзе, адбываўся невялікі пэрыяд эйфорыі як у чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, так і ў незалежных экспэртаў адукацыйнай сфэры: для першых — гэта стала пасьпяховым вынікам працы пасьля першай няўдалай спробы ў 2012 годзе, а для другіх — прыняцьцё нашай краіны на ўмоўным прынцыпе згодна з выкананьнем Дарожнай карты рэфармаваньня вышэйшай адукацыі Беларусі.

Па меры таго, як бяжыць час, аптымізм экспэртаў зьмяньшаецца па прычыне адсутнасьці афіцыйнай інфармацыі аб працэсе рэфармаваньня (марудным, але хоць нейкім) і мэханізмаў маніторынгу й уплыву на гэты працэс. У цэлым ужо зараз можна паставіць пад сумнёў рух дзяржавы ў бок структурнага рэфармаваньня, хутчэй гэты працэс можна назваць мадэрнізацыяй.

Чаму ў Беларусі немагчыма паўнавартаснае структурнае рэфармаваньне вышэйшай адукацыі, прынамсі ў бліжэйшай перспектыве? На гэта ёсьць як мінімум 2 асьпекты:

  1. Ружовыя акуляры. Дзеля таго, каб ў дзяржаве эфэктыўна рэфармаваць якую-небудзь сфэру альбо галіну, трэба спачатку прайсьці першую стадыю: зразумець самім альбо паверыць экспэртам, што праблема ў дадзенай сфэры альбо галіне сапраўды ёсьць.
  2. Палітычны падтэкст. Пра гэты своеасаблівы бар’ер для правядзеньня рэформаў цудоўна казаў на Кастрычніцкім эканамічным форуме памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыла Руды.

Улічваючы асаблівую блізкасьць апошняга да вышэйшага беларускага палітычнага эстаблішмэнту й даволі лібэральнага мысьленьня самога Кірылы Рудага, прапаную больш падрабязна разабраць ягоныя выказваньні, пераносячы гэта на магчымасьць рэфармаваньня (у нармальным сэньсе гэтага слова) сыстэмы вышэйшай адукацыі згодна з Дарожнай мапай:

  1. Адсутнічае відавочны грамадзкі запыт на рэформы. Як мы бачым, зараз яго сапраўды няма: студэнты робяць выгляд што вучацца, выкладыкі — што вучаць, працадаўцы — што чакаюць на працоўных месцах маладых спэцыялістаў, усё йдзе сваёй чарадой. І толькі бацькі сур’ёзна й спраўна плоцяць грошы за адукацыю, бо “чалавек без вышэйшай адукацыі — не чалавек”.
  2. “Рэформы праводзяцца, калі няма грошай”. Якія ніякія, але покуль грошы ў краіне ёсьць. А калі нават і раптоўна прападуць, то наўрад ці адукацыя будзе той сфэрай, якую ў першую чаргу будуць рэфармаваць. Хаця й на ёй шмат што завязана (эканамічная вытворчасьць, сацыяльная сфэра, нават узровень злачынстваў), яна патрабуе занадта вялікіх уліваньняў сродкаў і доўгіх тэрмінаў рэнтабельнасьці.
  3. Для рэформаў патрэбны вонкавы стымул. У Балёнскі працэс (Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі) нас прынялі, а таму навошта цяпер спрабаваць нешта мяняць у структуры?
  4. Існуе кадравы дэфіцыт, мала спецыялістаў, гатовых правесці рэформы. Відавочны крызіс адмыслоўцаў з досьведам у структурах палітычных і адукацыйных інстытуцый. Тых, якія ўжо працуюць, крытычна не хапае для простай большасьці, якія маглі-б сваёй масавасьцю давесьці да астатніх сваю правату.
  5. Штучнае нагнятанне негатыўнай рэакцыі збоку насельніцтва накшталт “гэтыя рэфарматары ў 1990-х давялі краіну да ручкі”. Напэўна сыстэма адукацыі ў нас найчасьцей “рэфармавалася” за апошнія гады: мы то знаходзім новыя падыходы, то зноў “вяртаемся” да старой “савецкай” сыстэмы. На гэта, дарэчы, ня раз ужо зьвяртаў увагу й сам Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы працэс імплемэнтацыі Дарожнай мапы.

У выніку, калі мы паглядзім на тое, зь якой упартасьцю ўлады намагаюцца захаваць старую “савецкую” школу, можна паставіць пад сумнёў, што для ўладаў гэтыя праблемы й сапраўды існуюць.

Але яшчэ больш шкодна для вышэйшай адукацыі, калі нам пад выглядам рэформаў прапануюць мадэрнізацыю.

На выхадзе” мы атрымліваем не структурныя рэформы, а вырошчваем свайго роду “Франкенштэйна”, то бок страшнага монстра, якога ў будучыні хутчэй за ўсё нават немагчыма будзе кантраляваць.

У сухім астатку хочацца вывесьці невялікую мараль з усяго вышэйнапісанага: грамадзкай супольнасьці трэба рэалістычна суаднесьціся да таго, што зараз адбываецца ў працэсе “рэфармаваньня/мадэрнізацыі”, зьняць “ружовыя акуляры” й перабудаваць працу ў новых умовах.

Будзьце рэалістамі, але глядзіце на рэчы з аптымізмам.

Алесь Крот

Распавядзі сябрам:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий