Забараняць забараняецца

Хоць для шматлікіх учорашніх выпускнікоў школ паступленне ва ўнівер звязанае з надзеямі на вольнае студэнцкае жыццё, беларуская сістэма вышэйшай адукацыі хутка ахалоджвае гарачыя галовы. У сувязі з гэтым 34mag пры падтрымцы СтудРады падрыхтаваў для студэнтаў карысны матэрыял.

Не паспеў пачацца навучальны год, а цябе ўжо гоняць у БРСМ і прыбіраць тэрыторыю? У бібліятэцы скончыліся падручнікі, а ў інтэрнаце – месцы? Не дазваляюць пісаць працы на беларускай мове? «Звоніць будзільнік. Першае прыніжэнне за дзень», «Будзь рэалістам, патрабуй немагчымага!» – з такімі лозунгамі французскія студэнты выходзілі на барацьбу за свае правы ў далёкім 1968, алё і сёння некаторыя з тых патрабаванняў застаюцца актуальнымі. Як не пераўтварыць сваё навучанне ў ВНУ ў штодзённую паразу – чытай у новым выпуску рубрыкі «Працэс».

Што маецца на ўвазе пад правамі студэнтаў?

Статус студэнта дае шэраг даволі канкрэтных правоў, найперш – гарантаванае Канстытуцыяй права на адукацыю.

Акрамя таго, ты як студэнт(-ка) маеш правы:

— браць удзел у фармаванні асабістай адукацыйнай праграмы і раскладу, выбіраць некаторыя курсы і прадметы ў залежнасці ад тваіх патрэбаў і зацікаўленасцяў;

— браць удзел у прыняцці рашэнняў датычна свайго ўніверсітэта;

— абіраць мову навучання;

— браць удзел у выбарах рэктара;

— карыстацца магчымасцямі акадэмічнай мабільнасці;

— атрымліваць бясплатную адукацыю без бартэру ў выглядзе адпрацоўкі па размеркаванні;

— уступаць / не ўступаць у БРСМ, БНФ, «Ахову птушак Бацькаўшчыны» і любыя іншыя грамадскія і палітычныя арганізацыі;

— галасаваць / не галасаваць датэрмінова і не галасаваць увогуле;

— удзельнічаць / не ўдзельнічаць у суботніках;

— ездзіць за мяжу ў свой вольны час.

Заўваж, што на практыцы многія з гэтых пунктаў не працуюць, менавіта таму вельмі важна быць актыўным, ведаць свае правы і змагацца за іх выкананне.

Якія яшчэ спрэчныя пытанні могуць узнікнуць падчас навучання?

Найбольш часта студэнтаў непакоіць парушэнне іх правоў, што тычацца пераздач, адлічэнняў і адміністрацыйнай (дысцыплінарнай) адказнасці.

Што рабіць, калі ў мяне не атрымалася трапіць на залік / іспыт / абарону курсавой?

У выпадку, калі ты прапусціш іспыт ці залік з уважнай прычыны (хвароба, сямейныя абставіны, стыхійнае бедства і г.д.), дэкан можа дазволіць табе ліквідаваць запазычанасці па індывідуальным графіку. Для гэтага табе давядзецца напісаць пісьмовую заяву і прадаставіць дакументальнае пацверджанне сваёй хваробы / праблемы.

Хто і за што можа не дапусціць мяне да заліку / іспыту?

Нядопуск да здачы заліку / іспыту афармляецца рашэннем кафедры. Прычынай можа стаць вялікая колькасць пропускаў па асобных прадметах, невыкананне бягучых семінарскіх і практычных заданняў.

Памятай, што не атрымаўшы залікі па ўсіх дысцыплінах, ты не будзеш дапушчаны(-ая) да іспытаў. Пропуск двух іспытаў з гэтай прычыны азначае адлічэнне. Пераздачы па трох прадметах таксама вядуць да адлічэння.

Мяне прымушаюць пісаць курсавы праект па тэме, якая мяне не цікавіць. Што рабіць?

Тэму курсавой працы трэба зацвярджаць да пачатку семестра. Тэмаў павінна быць дастаткова для ўсіх студэнтаў. Ты маеш права прапанаваць сваю з абгрунтаваннем яе мэтазгоднасці.

За што мяне могуць адлічыць?

За непаспяховасць па трох і болей навучальных прадметах, у тым ліку па практыцы. Напрыклад, ты своечасова не здаеш залік і не дапускаешся да іспытаў. Пасля тэрміну другога іспыту цябе могуць адлічыць.

За невыкананне індывідуальнага плана магістранта / аспіранта.

У выпадку, калі ты не не ліквідуеш акадэмічную запазычанасць у азначаны тэрмін.

Калі ты не пройдзеш выніковую атэстацыю без уважных прычын.

Калі ты адсутнічаў(-ла) болей за трыццаць дзён на працягу навучальнага года.

Калі ты не заплаціш за навучанне ў азначаны тэрмін.

Калі на працягу навучальнага года ты неналежна выконваў(-ла) абавязкі студэнта і быў(-ла) паўторна прыцягнуты(-ая) да дысцыплінарнай адказнасці.

У выпадку, калі ты вучышся на спартовай спецыяльнасці, цябе могуць адлічыць за невыкананне праграмы па сваім відзе спорту або праз стан здароўя, які не дазваляе табе далей займацца абраным відам спорту.

Што такое дысцыплінарная адказнасць?

Да дысцыплінарнай адказнасці могуць прыцягнуць за спазненне, няяўку, лаянку, пашкоджанне маёмасці, распіццё алкаголю і нецвярозы стан, паленне на тэрыторыі навучальнай установы і іншае парушэнне дысцыпліны.
За усё гэта могуць зрабіць заўвагу, вымову ці нават адлічыць.

Парадак прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці

Дысцыплінарны працэс / адлічэнне распачынаецца на падставе афіцыйных дакументаў: залікоўкі, паведамлення дзяржаўных органаў, медыцынскага заключэння і г.д.

У цябе павінны запатрабаваць пісьмовае тлумачэнне, на падрыхтоўку якога ёсць 5 дзён. Калі адразу адмаўляешся, то павінен быць складзены акт аб адмове, які падпісваюць мінімум 3 чалавекі (супрацоўнікі ці студэнты).

Прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці / адлічыць могуць толькі цягам аднаго месяца з моманту, калі стала вядома аб здзяйсненні парушэння, аднак не пазней за паўгода з уласна моманту здзяйснення. У гэты месяц не залічваецца час хваробы і канікул.

Далей рыхтуецца загад пра прымяненне мераў дысцыплінарнай адказнасці / адлічэння. Менавіта дата загада лічыцца датай прыцягнення да адказнасці.

Аднак цягам трох каляндарных дзён цябе павінны азнаёміць з дадзеным загадам
пад подпіс. Адмовішся – зноў патрэбен акт. Не азнаёмілі – значыць, не прыцягнулі да адказнасці / не адлічылі.

Твае дзеянні і правы ў выпадку працэсу дысцыплінарнай адказнасці

Знаёміцца з усімі матэрыяламі і рабіць іх копіі.

Даваць тлумачэнні або адмовіцца ад дачы тлумачэнняў. Калі пажадаеш, рэктар павінен асабіста заслухаць твае тлумачэнні, заявы і скаргі.

Прысутнічаць на разглядзе падчас любога разбіральніцтва, што датычыцца тваёй справы.

Атрымліваць юрыдычную дапамогу.

Знаёміцца з загадам, атрымліваць копію.

Абскарджваць загад цягам месяца ў Міністэрстве адукацыі ці ў судзе.

Як бараніць свае правы і быць актыўным студэнтам?

Хаця б раз (а лепей – некалькі разоў) прачытай Кодэкс аб адукацыі, правілы ўнутранага распарадку і іншыя ўнутраныя дакументы тваёй навучальнай установы.

Добра ведай свае правы і не бойся іх абараняць.

Будзь гатовы(-ая) да псіхалагічнага ціску і пагрозы.

Пры неабходнасці звяртайся па канфідэнцыйную юрыдычную дапамогу, напрыклад у «Студэнцкую Раду».

Не абмяжоўвай сябе вывучэннем дысцыплін, залікамі і экзаменамі. Студэнцкае жыццё нашмат большае за гэта!

Да якіх студэнцкіх і моладзевых арганізацый варта далучацца, а да якіх – не?

У любой суполцы можна быць актыўным. Нават у БРСМе ёсць людзі, гатовыя не толькі займацца напаўненнем святочных мерапрыемстваў на 9 мая і пісаць сцэнары для каманды клуба вясёлых і знаходлівых, але і сапраўды адстойваць правы студэнтаў.

Карысныя спасылкі:

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу юрыдычнаму кансультанту «Студэнцкай Рады» Ігару Мурашку.

Аўтар: krushinka

Ілюстрацыя by Sheeborshee

Распавядзі сябрам:

Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий