Пра арганізацыю

“Студэнцкая Рада” – недзяржаўная моладзевая арганізацыя, якая з’явілася 10 сакавіка 2008 года і з таго моманта займаецца абаронай правоў студэнтаў у Беларусі. Арганізацыя зарэгістравана ў 2008 годзе ў форме моладзевай прафсаюзнай групы ў незалежным прафсаюзе РЭП (работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці). Дзейнасць СтудРады адбываецца пераважна ў Мінску.

Місія: спрыянне фармаванню новых пакаленняў студэнтаў, паўнавартасных удзельнікаў адукацыйнага працэса, якія маюць актыўную грамадскую пазіцыю і крытычнае мысленне; студэнтаў, якім уласціва пачуццё салідарнасці і імкненне да свабоды і шчасця, якія адносяць сябе да студэнцкай брацкай супольнасці, і для якіх атрыманне ведаў з’яўляецца прыярытэтнай каштоўнасцю.

Мэта – абарона правоў студэнтаў.

Задачы:

  • распаўсюджванне каштоўнасці правоў студэнтаў у студэнцкай супольнасці;
  • стварэнне і прасоўванне механізмаў абароны правоў студэнтаў.

Накірункі дзейнасці арганізацыі:

  • збор дадзеных аб парушэннях правоў студэнтаў;
  • юрыдычная кансультацыя па парушэннях правоў студэнтаў;
  • адвакацыйныя кампаніі па прасоўванню інтарэсаў студэнтаў;
  • адукацыйна-асветніцкая дзейнасць (правядзенне адукацыйных трэнінгаў, семінараў, праграм, інфармацыйных кампаній, асветніцкіх фестывалей).

“Студэнцкая Рада” заўсёды гатова дапамагчы студэнтам, якія жадаюць абараніць свае правы!

У Вас ёсць ідэя правядзення мерапрыемства, звязанага з абаронай правоў студэнтаў? Тады звяртайцеся да нас! Мы Вам дапаможам!

Па ўсіх пытаннях супрацоўніцтва (напрыклад, валантэрства альбо адкрыцця філіі арганізацыі ў рэгіянальных цэнтрах) ці любой іншай дапамогі звяртайцеся па пошце students.rada@gmail.com.

Стань валанцёрам “Студэнцкай Рады”

Дзеючыя ўдзельнікі “Студэнцкай Рады”

Алесь Крот

Cтаршыня арганізацыі з 2012 года. Скончыў Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Прамысловасць будаваў каля 3 год, пасля чаго вырашыў заняцца будаўніцтвам грамадзянства. У 2011 годзе быў адлічаны з 2-га курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта за дзейнасць у грамадскіх арганізацыях. Не паехаў замяжу шукаць лепшай долі, а аднавіўся праз суд, даказаўшы неправамернасць дзеянняў адміністрацыі БНТУ.

Лічыць, што беларусы маюць вялікі схаваны патэнцыял, які не могуць раскрыць па прычыне вечнай пертурбацыі грамадска-палітычных падзей і ўласнай хаатычнасці ў беларускіх умовах.

Інтарэсы і захапленні: структурнае рэфармаванне вышэйшай адукацыі, грамадзянская супольнасць, грамадска-палітычны моладзевы актывізм, беларусізацыя, палітычная трансфармацыя дзяржавы, будаўніцтва сучасных гарадоў і ўрбаністыка.

Кантакты: fb.com/ales.krot, ales.krot@gmail.com.

Марыя Лукашук

Юрыст-міжнароднік, міжнародная сакратарка і пачынаючы праваабаронца. Скончыла Беларускі інстытут правазнаўства. У “Студэнцкую Раду” прыйшла ў 2013 годзе. Займаецца дапамогай па разнастайных праектах і пытаннямі міжнароднага накірунка. Каардынавала “Тыдзень студэнта” у 2016 годзе. Шукае для арганізацыі рознага кшталту партнераў. Разам з удзельнікамі “Студэнцкай Рады” некалі распачынала праект “Жывая бібліятэка” у Беларусі.

Мае 2 родных горада — Гомель і Менск, дзе жыве апошнія 7 год. Лічыць, што свабода чалавека сканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. Ужо трэці год збіраецца паехаць на Ямайку да сваіх сяброў, каб разам з імі патанчыць там рэггітон. Раз на 2 месяцы ёй фізічна неабходна некуды з’ехаць, бо падарожжы, як і танцы — неад’емная частка яе жыцця. Збірае магніты і хутка будзе набываць новую лядоўню, бо на старой ужо няма вольнага месца.

Кантакты: fb.com/maria.lukashuk

Ігар Мурашка

Нарадзіўся і вырас у Берасці. У 2014 годзе скончыў навучанне па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права” Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Але на гэтым не спыніўся і наступным годам паступіў у магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на юрыдычны факультэт па спецыяльнасці “Юрыспрудэнцыя”.

У “Студэнцкай Радзе” займаецца юрыдычнай кансультацыяй і неафіцыйна мае пазыўны “Суддзя Дрэдд” за сваю непахісную пазіцыю і пастаянную барацьбу са злачынцамі. Інтэлектуал, цікавіцца дачыненнямі паміж дзяржавай і чалавекам, заўжды гатовы дапамагчы юрыдычнай парадай, калі ў гэтым ёсць патрэба.

Кантакты: fb.com/iharmurashka.

Усевалад Генін

Усевалад – не чалавек, а проста гара. Ужо досыць даўно пераехаў з Берасця ў Менск. У “Студэнцкай Радзе” ўдзельнічае з 2013 года, дапамагае ў абсалютна розных праектах. Адказвае за збор дадзеных аб парушэннях правоў студэнтаў. У 2015 скончыў бакалаўрыят і магістратуру геаграфічнага факультэта самага галоўнага ўніверсітэта краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і нават паспеў некаторы час павыкладаць там. Аднойчы хацелі выгнаць з універсітэта за тое, што не прагаласаваў датэрмінова на выбарах ды яшчэ агітаваў за гэта ўсіх астатніх студэнтаў. Але абыйшлося.

Цікавіцца мапамі, праграмаваннем, самаўдасканаленнем. Самы адданы чалавек сваёй справе. Калі трэба будзе выбіраць паміж дзяўчынай і тэадалітам – абярэ тэадаліт.

Кантакты: fb.com./usevaladhenin.

Дзiяна Якаўлева

Скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт iм. А.А.Куляшова ў 2014 годзе. Журналіст. Прыйшла ў арганiзацыю ў 2015 годзе займацца сайтам і сацыяльнымі сеткамі.
На працягу навучання ў школе займалася хуткаснай радыётэлеграфіяй. У 2007 годзе атрымала разрад “майстра” па гэтаму віду спорту. Ва ўніверсітэцкія гады разам з сябрам выпускала інтэрнэт-часопіс “Малако”: ставілі сацыяльныя эксперыменты і ўздымалі тэму правоў чалавека. Апошнія некалькі гадоў піша розныя тэксты для некаторых праваабарончых арганізацый.

Iдэаліст, любіць бабулю, вёску, каву і сваіх двух котак.

Кантакты: fb.com/dianasavos, diana.yakovleva.91@gmail.com.

Ганаровыя ўдзельнікі “Студэнцкай Рады”

Марына Штрахава

Прыйшла ў арганiзацыю ў 2011 годзе яшчэ падчас навучання ў Акадэмii кiравання. Ад пачатку працавала ў юрыдычнай кансультацыi, а праз пэўны час стала яе каардынатаркай. Паралельна з гэтым праводзiла семiнары i трэнiнгi па правах студэнтаў i размеркаванню, каардынавала манiторынг парушэнняў правоў студэнтаў i адукацыйны фестываль “Тыдзень Студэнта”. Сама не раз на ўласным досведзе сутыкалася з парушэннямi правоў студэнтаў. Зараз з’яўляецца каардынатаркай “Жывых бiблiятэк” у Беларусi. Шчыра верыць ў тое, чым займаецца, i чакае зменаў у беларускай вышэйшай адукацыі да лепшага. Адказна ставiцца да працы, таму часам замiнае “нiчога не рабiць” iншым. Любiць i ненавiдзiць дэдлайны адначасова.

Шмат вандруе i не можа пражыць i дня без смачнай кавы.

Напрыканцы 2016 года адыйшла ад актыўнай дзейнасці ў арганізацыі, аднак час ад часу дапамагае кансультацыямі і экспертнай пазіцыяй па шэрагу пытанняў.