З 1 сакавіка БДУ падымае кошты за навучанне

u Люты 27, 2018
y 230

БДУ павышае цэны на навучанне для студэнтаў-платнікаў. Расцэнкі зацверджаны загадам рэктара ВНУ і пачнуць дзейнічаць з 1 сакавіка.

Змены тлумачацца ростам тарыфнай стаўкі, змяненнем умоў аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу і павелічэннем тарыфаў на камуналку.

Самы вялікі «тарыф» у БДУ устаноўлены для студэнтаў першых курсаў дзённага аддзялення на спецыяльнасцях «правазнаўства», «эканамічнае права» і «міжнароднае права» — па 3136 рублёў. Раней цана складала 2851 рубель.

Самая нізкая расцэнка — 2242 рублі  на «беларускай філалогіі», «рускай філалогіі» і «сацыяльнай працы». Раней – 2039 рублёў.

Навучанне на першых курсах мехмата зараз абыдзецца ў 2475 рублёў (раней 2250). Напрыклад, тут вучаць па спецыяльнасцях «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі».

На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі кошт крыху больш, па 2600 рублёў (замест 2364). Можна атрымаць дыплом у галіне «прыкладной інфарматыкі» (напрамак — праграмнае забеспячэнне камп’ютэрных сістэм).

Навучанне на іншых факультэтах, напрыклад, па спецыяльнасцях «радыёфізіка» або «ядзерная фізіка і тэхналогіі» абыйдзецца ў 2475 рублёў (раней 2250). Столькі ж заплоцяць будучыя хімікі, а біёлагі — па 2852 (замест 2593).

Вучыцца на гістфаку будзе каштаваць 2475 рублёў, спецыяльнасць «дакументазнаўства» — 2 600 рублёў.

Каб стаць журналістам, трэба плаціць у год 2 852 рублі, а міжнародная журналістыка каштуе 2 978 рублёў.