Назіранне за мірнымі сходамі ад Вясны

u Сакавік 13, 2018
y 172

Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтра “Вясна”, у межах кампаніі па назіранню за масавымі мерапрыемствамі, шукае валанцёраў, якія гатовы назіраць за масавымі мерапрыемствамі падчас свята “Дзень Волі”.

Акрамя таго, 26 красавіка традыцыйна плануецца правядзенне шэсця і мітынгу “Чарнобыльскі шлях”, прымеркаваныя да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І там таксама патрабуецца актыўны ўдзел назіральнікаў, іх ацэнка і аналіз.

Каб далучыцца да каманды па назіранню, неабходна зрабіць тры простыя крокі:

  • Зарэгістравацца на ўдзел у відэа-курсе, прайсці яго першую і трэцюю часткі (дэдлайн – 20 сакавіка).
  • Напісаць па выніках прагляду на мэйл help@spring96.org.
  • Прыйсці на семінар-інструктаж 24 сакавіка ў Менску, на якім супрацоўнікі Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра “Вясна” будуць распавядаць, як паводзіць сябе падчас назіранняў за мірнымі сходамі.

Чаму твой удзел – гэта важна?

Назіранне за мірнымі сходамі – адна з формаў грамадскага кантролю, калі назіральнікі ажыццяўляюць незалежнае і аб’ектыўнае назіранне, фіксуюць дзеянні ўдзельнікаў мерапрыемства і супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку і часам нават выступаюць як стрымліваючы фактар ад агрэсіі. Пра гэта і шмат што іншае можаце даведацца з відэа-курсу.