Датэрміновае галасаванне ў абмен на інтэрнат і сталоўку

u Люты 16, 2018
y 147

Студэнты механіка-матэматычнага факультэта БДУ скардзяцца ў сацсетках: нібыта намеснік дэкана заклікаў іх прыняць удзел у датэрміновым галасаванні з феерычнай аргументацыяй. “Наша Ніва” вырашыла спраўдзіць цытату ў самога выкладчыка.

Па словах студэнтаў, намеснік дэкана па вучэбнай працы Валеры Курсаў сказаў наступнае:

“Ці вы ідзяце галасаваць датэрмінова, ці вы пойдзеце гандляваць абуткам на Ждановічы”.

Валеры Курсаў заявіў “Нашай Ніве”, што «студэнты перакручваюць» яго словы. Але Курсаў не адмаўляе, што сапраўды заклікае студэнтаў галасаваць датэрмінова і тлумачыць чаму: “Я проста папрасіў студэнтаў. Студэнты першага курса карыстаюцца ўсякімі ільготамі. Мы іх засяляем у інтэрнат — усіх студэнтаў з іншых гарадоў. Яны жывуць авансам. Да Новага года ім прызначаюць стыпендыю — ні за што. Яны яшчэ нічога не здалі. Яны вучацца ў дзяржаўным ВНУ, карыстаюцца льготамі. У нас студэнты старэйшых курсаў незадаволеныя тым, што іх з высокімі баламі не засяляюць у інтэрнат, бо нібыта трэба моладзь у мэтах адаптацыі засяліць у інтэрнат. А вы ведаеце кошты на здымнае жыллё ў Мінску, — распавёў Курсаў. — І вось гэтыя дзеці, якія, напэўна, прывыклі грэбліва ставіцца да сваіх школьных выкладчыкаў, намагаюцца распаўсюдзіць гэтае стаўленне да выкладчыкаў ужо ў ВНУ. Яны кепска выхаваныя сваімі бацькамі. І калі я звяртаюся да іх з просьбай выканаць грамадзянскі абавязак, яны пачынаюць тут гуляць у рэвалюцыянераў… Хай яны ідуць [галасаваць] 18-га, я не ведаю. Як хочуць”.

Курсаў таксама растлумачыў, чаму “грамадзянскі абавязак” — гэта менавіта датэрміновае галасаванне. “Бо шмат хто з’едзе да бацькоў. І я баюся, што абавязак яны ўвогуле не выканаюць. А гэта будзе вельмі кепска. Бо дзяржава робіць для іх вельмі шмат. Вось у галоўным корпусе адрамантавалі сталовую. Цудоўная сталовая, там цяпер танна і добра кормяць. То бок, усё для студэнтаў. І цяпер мы чакаем сіметрычнага адказу на ўсе гэтыя дзеянні”.