Аптымістычны грамадзянін прайграе песымістычнаму чыноўніку
Вышэйшая школа мадэрнізуецца, але не рэфармуецца.
Пасьля далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу ў 2015 годзе, адбываўся невялікі пэрыяд эйфорыі як у чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, так і ў незалежных экспэртаў адукацыйнай сфэры: для першых – гэта стала пасьпяховым вынікам працы пасьля першай няўдалай спробы ў 2012 годзе, а для другіх – прыняцьцё нашай краіны на ўмоўным прынцыпе згодна з выкананьнем Дарожнай карты рэфармаваньня вышэйшай адукацыі Беларусі.
Па меры таго, як бяжыць час, аптымізм экспэртаў зьмяньшаецца па прычыне адсутнасьці афіцыйнай інфармацыі аб працэсе рэфармаваньня (марудным, але хоць нейкім) і мэханізмаў маніторынгу й уплыву на гэты працэс. У цэлым ужо зараз можна паставіць пад сумнёў рух дзяржавы ў бок структурнага рэфармаваньня, хутчэй гэты працэс можна назваць мадэрнізацыяй.
Чаму ў Беларусі немагчыма паўнавартаснае структурнае рэфармаваньне вышэйшай адукацыі, прынамсі ў бліжэйшай перспектыве? На гэта ёсьць як мінімум 2 асьпекты:
- Ружовыя акуляры. Дзеля таго, каб ў дзяржаве эфэктыўна рэфармаваць якую-небудзь сфэру альбо галіну, трэба спачатку прайсьці першую стадыю: зразумець самім альбо паверыць экспэртам, што праблема ў дадзенай сфэры альбо галіне сапраўды ёсьць.
- Палітычны падтэкст. Пра гэты своеасаблівы бар’ер для правядзеньня рэформаў цудоўна казаў на Кастрычніцкім эканамічным форуме памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыла Руды.
Улічваючы асаблівую блізкасьць апошняга да вышэйшага беларускага палітычнага эстаблішмэнту й даволі лібэральнага мысьленьня самога Кірылы Рудага, прапаную больш падрабязна разабраць ягоныя выказваньні, пераносячы гэта на магчымасьць рэфармаваньня (у нармальным сэньсе гэтага слова) сыстэмы вышэйшай адукацыі згодна з Дарожнай мапай:
- Адсутнічае відавочны грамадзкі запыт на рэформы. Як мы бачым, зараз яго сапраўды няма: студэнты робяць выгляд што вучацца, выкладыкі – што вучаць, працадаўцы – што чакаюць на працоўных месцах маладых спэцыялістаў, усё йдзе сваёй чарадой. І толькі бацькі сур’ёзна й спраўна плоцяць грошы за адукацыю, бо “чалавек без вышэйшай адукацыі – не чалавек”.
- “Рэформы праводзяцца, калі няма грошай”. Якія ніякія, але покуль грошы ў краіне ёсьць. А калі нават і раптоўна прападуць, то наўрад ці адукацыя будзе той сфэрай, якую ў першую чаргу будуць рэфармаваць. Хаця й на ёй шмат што завязана (эканамічная вытворчасьць, сацыяльная сфэра, нават узровень злачынстваў), яна патрабуе занадта вялікіх уліваньняў сродкаў і доўгіх тэрмінаў рэнтабельнасьці.
- Для рэформаў патрэбны вонкавы стымул. У Балёнскі працэс (Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі) нас прынялі, а таму навошта цяпер спрабаваць нешта мяняць у структуры?
- Існуе кадравы дэфіцыт, мала спецыялістаў, гатовых правесці рэформы. Відавочны крызіс адмыслоўцаў з досьведам у структурах палітычных і адукацыйных інстытуцый. Тых, якія ўжо працуюць, крытычна не хапае для простай большасьці, якія маглі-б сваёй масавасьцю давесьці да астатніх сваю правату.
- Штучнае нагнятанне негатыўнай рэакцыі збоку насельніцтва накшталт “гэтыя рэфарматары ў 1990-х давялі краіну да ручкі”. Напэўна сыстэма адукацыі ў нас найчасьцей рэфармавалася за апошнія гады: мы то знаходзім новыя падыходы, то зноў “вяртаемся” да старой “савецкай” сыстэмы. На гэта, дарэчы, ня раз ужо зьвяртаў увагу й сам Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы працэс імплемэнтацыі Дарожнай мапы.
У выніку, калі мы паглядзім на тое, зь якой упартасьцю ўлады намагаюцца захаваць старую “савецкую” школу, можна паставіць пад сумнёў, што для ўладаў гэтыя праблемы й сапраўды існуюць.
Але яшчэ больш шкодна для вышэйшай адукацыі, калі нам пад выглядам рэформаў прапануюць мадэрнізацыю.
На выхадзе” мы атрымліваем не структурныя рэформы, а вырошчваем свайго роду “франкенштэйна”, то бок страшнага монстра, якога ў будучыні хутчэй за ўсё нават немагчыма будзе кантраляваць.
У сухім астатку хочацца вывесьці невялікую мараль з усяго вышэйнапісанага: трэба рэалістычна суаднесьціся да таго, што зараз адбываецца, зьняць “ружовыя акуляры” й перабудаваць працу ў новых умовах.
Будзьце рэалістамі, але глядзіце на рэчы з аптымізмам.