Блог Алеся Крата
Алесь Крот (МПГ “Студэнцкая Рада”) – старшыня арганізацыі.

Кіраўнікі змяняюцца, палітыка – не

u Снежань 21, 2016
y 431

15 снежня 2016 года, не адпрацаваўшы і двух год, быў зняты са сваёй пасады міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. На ягонае месца прызначылі галоўнага ідэолага Мінгарвыканкама і кіраўніка камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенку. Што можна сказаць пра папярэдняга міністра: што змог зрабіць добрага, а ў чым наадварот расчараваў?

  • Самае заўважнае, што адбылося пры Жураўкове – Беларусь прынялі ў Балонскі працэс. У траўні 2015 года Беларусь нарэшце далучылі да Балонскай сістэмы, але гэта хутчэй была справа палітычнага характара, калі не прыняць Беларусь пасля адмовы ў 2012 годзе наўпрост не маглі. Ёсць верагоднасць, што ўлады адмыслова паставілі “праеўрапейскага” міністра непасрэдна перад рашэннем Канферэнцыі міністраў у Ерэване, каб залагодзіць еўрапейскі бок і зрабіць выгляд адкрытага дыялога і гатоўнасці да збліжэння з Балонскай сістэмай.
  • Большая арыентацыя сярэдняй адукацыі ў бок беларусізацыі: непасрэдна былым міністрам было прынята рашэнне выкладаць геаграфію і гісторыю Беларусі на беларускай мове. Акрамя гэтага, у школу вярнулі Сусветную мастацкую культуру з уключэннем беларускага культурнага аспекта. Прадмет, магчыма, не самы любімы школьнікамі, але, безумоўна, важны для станаўлення моладых людзей, як разнабакова развітых асоб. Магчыма, гэта былі толькі першыя пазітыўныя змены ў бок беларусізацыі, і праз год 5 мы змаглі б бачыць паўнавартаснае навучанне на беларускай мове.
  • Змены ў сістэме атэстацыі выпускнікоў школ. Дагэтуль сістэма з’яўляецца дастаткова неўраўнаважанай і патрабуе дапрацоўкі, што і стараўся выправіць былы міністр адукацыі. Але ў сувязі з апошнімі пераменамі цікавей другое: ці застанецца абраны курс падтрыманым новымі міністрам, бо асноўныя вынікі гэтых змен павінны былі быць у 2019-2021 гг..
  • Нягледзячы на ўсю “праеўрапейскасць” былога міністра і далучэнне Беларусі да Балонскага працэса, Міхаіл Жураўкоў дазволіў сабе неабачліва выказацца ў адрас студэнтаў, якія арганізавалі 2-га снежня “Марш любові і салідарнасці” ў адказ на ўвядзенне платных адпрацовак: “Магчыма, нам трэба быць больш агрэсіўнымі”. Гэта ўвяло студэнцкіх актывістаў у ступар, бо адным з прынцыпаў Балонскай сістэмы з’яўляецца “удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам”, дзе кожны мае права выказацца. У кожным выпадку, ігнараваць дадзеныя падзеі, а тым больш аўтарытарна выказвацца на гэты конт, Міхаіл Жураўкоў аднаўначна не павінен быў.

У заключэнні можна сказаць, што Міхаіл Жураўкоў зрабіў больш карысці, чым шкоды на пасадзе міністра адукацыі. Але сумна, што хутчэй за ўсё ягоны патэнцыял як кіраўніка быў раскрыты не да канца, бо змены тычыліся вырашэння хутчэй “касметычных” пытанняў, а не структурных праблем сістэмы адукацыі. Магчыма, гэта першапачаткова была авантура па прычыне адсутнасці дастатковай колькасці спецыялістаў у Міністэрстве адукацыі, якія могуць дапамагчы кіраўніку зрабіць нешта грунтоўнае ў такой сістэме. Такім чынам ёсць верагоднасць, што абсалютна не важна хто будзе кіраўніком Міністэрства адукацыі, бо дзяржаўная палітыка гэтай сферы вызначаецца ўзроўнем значна вышэйшым.

Аднак прызначэнне “галоўнага камуніста” на пасаду міністра адукацыі можна лічыць яўным сігналам дзяржавы ў бок акадэмічнай супольнасці і іншых стэйкхолдэраў.

Першакрыніца rada.fm.