Жывая бібліятэка

Жывая бібліятэка ў першы раз прайшла ў Беларусі 11 кастрычніка 2014 году. Арганізатаркамі першага мерапрыемства сталі Марына Штрахава, Марыя Лукашук і Вольга Арцёмчык. На мерапрыемстве было больш за 50 чытачоў, якія змаглі паразмаўляць з рознымі кнігамі.

Да гэтага дзяўчаты падалі заяўку на правядзенне Жывых бібліятэк у Беларусі ад імя МПГ “Студэнцкая Рада” дацкім арганізатарм і атрымалі дазвол на выкарыстоўванне лагатыпу і іншых матэрыялаў. За крыху больш чым 2 гады рэалізацыі праекту ў межах дзейнасці арганізацыі было праведзена каля 40 мерапрыемстваў, якія сабралі больш за 200 кніг і 2 500 чытачоў.

Пачынаючы са снежня 2016 году “Жывая бібліятэка” стала самастойнай супольнасцю, якая ўключае ў сябе 8 арганізатараў і каля 15 валантэраў, якія рыхтуюць разам усе мерапрыемствы.

Наведаць сайт беларускай “Жывой бібліятэкі”.

“Жывая бібліятэка” – метад разбурэння стэрэатыпаў. Гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых нам “кніг” выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказваць на любыя пытанні. “Кніга” – гэта жывы чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасць, рэдкую прафесію, унікальны досвед, незвыклы для “большасці” лад жыцця альбо светапогляды. “Чытач” – гэта ўдзельнік мерапрыемства, а “Бібліятэкар” – арганізатар мерапрыемства, які кіруе працэсам і заўсёды гатовы адказаць на любыя пытанні.

Працуе “Жывая бібліятэка” гэтак жа, як і звычайная: “чытачы” прыходзяць, рэгіструюцца, атрымліваюць “картку чытача” і каталог “кніг”, абіраюць “кнігу” і чытаюць яе на працягу пэўнага часу. Каталог – гэта кароткае апісанне (пэўная анатацыя) кожнай “кнігі”, якая прысутнічае на “жывой Бібліятэке”.

Мерапрыемства складаецца з 3 частак: уводзіны, сесіі-размовы з “кнігамі”  і заключэнне. На ўводзінах “бібліятэкары” распавядаюць про гісторыю Жывой бібліятэкі, працэс арганізацыі і правілы.

Ініцыятыва дэкларуе 3 правілы, згодна з якімі праводзяцца падзеі:

  • Узаемапавага: усе паважаюць меркаванні адзін аднаго і не спрабуюць пераўпэўніць іншых у правільнасці нейкай адзінай пазіцыі.
  • Кніга мае права не адказваць на любое пытанне па асабістым прычынах, якія не мусіць агучваць.
  • Арганізатары просяць Чытачоў вяртаць Кнігі ў тым жа эмацыйным, фізічным і псіхалагічным стане, у якім яны іх бяруць.

Асноўная частка складаецца з 5-6 сесій па 30 хвілін кожная з перапынкамі па 10-15 хвілін паміж сесіямі. Усяго на Жывой бібліятэцы звычайна прысутнічае ад 8 да 12 кніг. Падчас адной сесіі дасяжны да чытання, як правіла, усе “кнігі”. “Кнігі чытаюцца паралельна цягам сесіі ў малых групах да 8 чалавек. Групы сядзяць у колах і “разнесены” па прасторы памяшкання, каб не замінаць адна адной размовам з абранымі “кнігамі”.

Удзельнікі “жывой бібліятэкі” (“чытачы”) самі абіраюць, якія “кнігі” яны хочуць прачытаць і ў якой паслядоўнасці. Для арганізацыі працэсу на сцяне ёсць “графік дасяжнасці”, куды “чытач” павінен запісацца дзеля таго, каб патрапіць да “кнігі”. Такім чынам, кожную новую сесію да “кнігі” прыходзяць новыя “чытачы”.

Пасля апошняй сесіі арганізатары падводзяць вынікі “жывой бібліятэкі”, прапануюць падзяліцца сваімі меркаваннямі і ўражаннямі. Асобна яны просяць запаўняць “анкеты чытача” і “кнігі”, каб атрымаць зваротную сувязь з вамі, зразумець, што больш ці менш цікава “чытачам”, і як адчувалі сябе “кнігі”.

На “жывой бібліятэцы” працуе фатограф ці нават здымаецца відэа, таму арганізатары загадзя просяць “кніг” і “чытачоў” папярэджваць, калі вы не хочаце з’яўляцца ў кадры. Арганізатары звяртаюць на гэта ўвагу на кожным мерапрыемстве.

“Жывая бібліятэка” ў Беларусі працуе ў адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй Human Library, якая створана і прасоўваецца арганізацыяй “Спынім гвалт” (Stop the violence) (Данія). Беларуская “Жывая бібліятэка” афіцыйна прадстаўляе гэтую метадалогію ў Беларусі.