Арганізатары

← Жывая бібліятэка

Марына, каардынатарка Жывах бібліятэк

Магістр юрыдычных навук, моладзевы амбасадар, абараняе правы студэнтаў. Сёмы год жыве ў Менску, сама з Гомеля. Больш за ўсё ў жыцці любіць свабоду. Марыць, каб правы чалавека сталі звычайным для кожнага поглядам на гэты свет. Упэўнена, што тое, што шукае яна, таксама шукае яе. А значыць, “усё будзе добра”. Пабывала ў Зімбабвэ, каб убачыць сваю першую жырафу, а ў аэропорце Абу-Дабі, каб выпіць з сябрам бутэльку Джэка Дэніэлса. Любіць падарожнічаць адна і дасылаць паштоўкі з новых месцаў. Збірае цукар. Падчас працы сутыкаецца з тым, што людзі не вераць, што яна не атрымлівае ад гэтага аніякага заробка і робіць усё толькі дзеля задавальнення і праз веру ў змяненне гэтага свету.

Марыя, арганізатарка Жывых Бібліятэк

Юрыст-міжнароднік, міжнародная сакратарка і пачынаючы праваабаронца. Мае 2 родных горада – Гомель і Менск, дзе жыве апошнія 7 год. Лічыць, што свабода чалавека сканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. Больш за ўсё ў “Жывой бібліятэцы” любіць вырашаць экстрэнныя пытанні і глядзець, як “чытачы” абіраюць, да каго пайсці. Ужо трэці год збіраецца паехаць на Ямайку да сваіх сяброў, каб разам там патанчыць рэггітон. Раз на 2 месяцы максімум ёй фізічна неабходна некуды з’ехаць, бо падарожжы, як і танцы – неад’емная частка яе жыцця. Збірае магніты і хутка будзе набываць новую лядоўню, бо на старой ужо няма вольнага месца. Ёй падаецца, што “Жывая Бібліятэка” – гэта той амаль ідэальны свет, за які трэба змагацца і абараняць кожны дзень.

Як далучыцца ў якасці арганізатара?

Стаміўся ад стэрэатыпаў і ад таго, што людзі не разумеюць адзін аднаго? Хочаш нешта змяніць і лічыш, што фармат Жывой бібліятэкі можа ў гэтым дапамагчы? Далучайся да нашай вясёлай каманды, запоўніўшы невялічкую анкету ніжэй, і хутка мы з табой звяжамся і запросім на кубачак кавы/гарбаты для знаёмства!

Падаць заяўку на арганізатара можна праз афіцыйны сайт “Жывой бібліятэкі”.