Блог Марыны Штрахавай

Таму што думаючыя людзі дзяржаве не патрэбны

u Чэрвень 11, 2016
y 458

Зараз Беларусь павольна ўліваецца ў Балонскую прастору: спрабуе нешта змяняць у сваёй сістэме вышэйшай адукацыі на карысць Балонскага працэсу згодна з Дарожнай мапай рэформ (дарэчы, ўнікальны ў Балонскім працэсе дакумант – нікога на такіх умовах яшчэ не прымалі). Кажуць, у хуткім часе ў нас нават зменяць Кодэкс аб адукацыі.

Прымаючы той факт, што Балонскі працэс, які толькі прыйшоў да нас, ужо даволі доўга крытыкуецца ў Еўропе (адкуль да нас і прыйшоў), я ўсё ж вітаю спробу неяк “уліцца” у гэтую адукацыйную прастору. Бо пакуль асаблівых альтэрнатыў не бачна.

Але ёсць ва ўсім гэтым адна невялічкая праблема. Змены ў сістэме вышэйшай адукацыі не могуць адбывацца проста так. Яны заўжды адбываюцца толькі пасля таго, як прэзідэнт дасць на гэта свой дазвол. А апошнім часам ён зноў кажа, што змены гэтыя нам непатрэбныя. Але, насамрэч, і не гэта галоўнае, бо настроі ў гэтага чалавека змяняюцца даволі хутка, к восені мы можам ужо пачуць, што змены патрэбны і як мага хутчэй.

Праблема галоўная ў тым, што як бы і што не змянялі зараз – гэта будуць фармальныя знешнія змены, якія не паўплываюць на змест. І тут я маю на ўвазе не толькі і не столькі (у моц сваіх цікаўнасцяў і спецыфікі працы) змест самаго навучання, сколькі “змест” універсітэта як такога. “Змест” студэнцкай і акадэмічнай супольнасцяў. Для мяне галоўнае, што варта мяняць – гэта вышэй пазначаны “змест”. Што я маю на ўвазе?

Для мяне “зместам” універсітэта з’яўляюцца акадэмічныя свабоды. Гэтае словазлучэнне не так даўно стала шырока і гучна ўжывацца на публіцы. З акадэмічнымі свабодамі ў нашай краіне заўжды было даволі складана. Хаця б з-за таго, што ніхто не ведаў, што гэта такое і ніводны нацыянальны дакумант у галіне вышэйшай адукацыі наогул такое словазлучэнне не ўжываў.

А словазлучэнне гэтае для мяне – грунт, на якім павінен будавацца ўніверсітэт.

Так акадэмічныя свабоды – гэта пра што? Для мяне гэта, перш за ўсё, пра аўтаномію ўніверсітэтаў. Аўтаномія тут – палітычная і эканамічная незалежнасць ад дзяржавы. Калі ўніверсітэт мае гэтую аўтаномію, то тут адразу ж здымаецца вялікае кола пытанняў, з якімі мы працуем ажно з 2008 года. Рэктар павінен абірацца акадэмічнай супольнасцю, павінна быць Рада універсітэта, якая абмяжоўвае рэктара ў яго ўладзе і вырашае галоўныя пытанні жыцця ўніверсітэту. Ды і рэктар часта мае назву “прэзідэнт”… Карацей даволі відавочна, што ў нашай краіне вось так проста аўтаномія не з’явіцца. Абсалютная большасць універсітэтаў у нас дзяржаўныя: рэктары там прызначаюцца, у справах яны падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, якое іх і фінансуе. Кола замкнулася.

А акадэмічныя свабоды гэта яшчэ і пра свабоду думкі. Я і мой прафесар можам разам даследваць любую(!) тэму (то бок пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі можна было б абараняць кандыдатскія і доктарскія), выкладчык можа і не падзяляць дзяржаўную ідэалогію, а студэнт можа спрачацца з выкладчыкам, не чакаючы, што яго пасля будуць за гэта “валіць” на іспытах. Можна даваць каментары СМІ і пісаць артыкулы ў СМІ пра універсітэт. І нічога за гэта не будзе.

Што яшчэ. Акадэмічныя свабоды – гэта пра свабоду сходаў і аб’яднанняў. То бок, калі мне не падабаецца рэктар, я магу арганізаваць мітынг пад вокнамі яго кабінета і мяне не адлічаць. А яшчэ магу адкрыта ўдзельнічаць у дзейнасці розных НДА, а самі НДА не толькi будуць мець дасяжнасць да студэнцкай аўдыторыі, а змогуць нават “пасяліцца” у сценах універсітэту. А за дзейнасць у НДА (а не толькі БРСМ) можна будзе атрымаць падзякі, замест выключна вымоваў.

I гэта калі каротка.

Дык вось я пра што. Без усяго гэтага немагчымы, на мой погляд, грунтоўныя змены ў нашай вышэйшай адукацыі і яе нармальнае функцыянаванне. На такія змены дзяржава не пойдзе, бо тады з універсітэтаў пачнуць нарэшце выходзіць самастойныя крытычна мыслячыя людзі са сваёй грамадскай пазіцыяй, а такія грамадзяне нам не патрэбны. Да і сам працэс змены каштоўнасцяў (а гэта менавіта ён) не адбываецца на раз-два (на жаль ці на шчасце).

Я да чаго, трэба пачынаць з сябе і свайго універсітэту. Можна спачатку прачытаць і прасякнуцца свабодай, а пасля пачаць лабіяваць падпісанне ўніверсітэтам Magna Charta Uneversitatum. На мой погляд, цудоўнага дакуманта, які адзін з першых сабраў у сабе асноўныя акадэмічныя свабоды. Ён, канешне, не ідэальны і можа не выконвацца, як багата якія дакуманты ў нашай краіне, але заўжды можна патрабаваць выканання. Тым больш, калі ўніверсітэт (а, дакладней, сам рэктар) падпісаў яго.

Таму заклікаю ўсіх прачытаць Magna Charta Uneversitatum, зразумець, які ён на самой справе павінен быць гэты “універсітэт” і, натхніўшыся, дамагацца падпісання і выканання гэтай Хартыі (можна і разам з намі)!

Фото – 34mag.net