Памер фінансаваньня БРСМ хаваюць, каб не было скандалу

u Студзень 23, 2018
y 141

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі​ ў 2018 годзе атрымае фінансаваньне зь бюджэту ў памеры 6,8 мільёна рублёў. Многа гэта ці мала? Свабода пацікавілася ў функцыянэра БРСМ і незалежнага экспэрта.

Функцыянэр БРСМ: “Ніводзін чалавек ня скажа, што падтрымкі мала”


Першы сакратар Менскага абкаму БРСМ Дзьмітры Варанюк сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ня можа пацьвердзіць названую лічбу.

“Я не бяруся камэнтаваць менавіта наконт лічбаў. І мы не даём інфармацыі, колькі атрымлівае наша абласная арганізацыя. Але што да фінансаваньня арганізацыі, флягмана моладзевай палітыкі, калі ідзе аптымізацыя ўсіх выканаўчых структур, улічваючы ролю БРСМ як правадніка моладзевай палітыкі ў рэгіёнах і ў краіне, то гэта важна для ўсіх”, — сказаў функцыянэр.

Дзень вышыванкі 2017 ад БРСМ 2 ліпеня
Дзень вышыванкі 2017 ад БРСМ 2 ліпеня

Дзьмітры Варанюк паведаміў, што выдзеленыя сродкі БРСМ траціць, як і ўсе бюджэтныя арганізацыі, у тым ліку на заробкі функцыянэрам. Але зноў жа ня даў канкрэтных лічбаў.

“На мерапрыемствы мы стараемся траціць таксама і нашы пазабюджэтныя сродкі. Бо сёньня, каб зрабіць якаснае мерапрыемства, неабходна дастаткова сродкаў. Небюджэтны фонд фармуецца з унёскаў, якія ў нас раз на паўгода, і таксама спонсарская дапамога. Гэта ўжо як мы працуем з прадпрыемствамі і гэтак далей”.

Ці хацеў бы БРСМ яшчэ большага бюджэтнага фінансаваньня?

“Сёньня самае галоўнае, што ёсьць падтрымка, і яна адчуваецца з боку органаў выканаўчай улады. І хочацца працаваць. Незалежна ні ад якіх сумаў, — адзначыў Дзьмітры Варанюк. — Нават калі б яна была меншая, калі б зусім не было фінансаваньня, ніводзін чалавек ніколі не сказаў бы, што мы хочам больш, нам не хапае і гэтак далей”.

Паводле суразмоўцы, у арганізацыі ёсьць адпаведныя пляны — “і за кожны пункт мы адказныя”.

“І ў тым ліку наша выніковасьць сьведчыць, наколькі гэта цікава моладзі. Ніхто ня верыць ні ў якія казкі, мы самі бачым, што ёсьць свая праблематыка. Таму любая падтрымка для нас важная. Колькі можа сёньня дзяржава дапамагчы і працягнуць руку моладзі краіны, за тое мы і ўдзячныя”, — падсумоўвае Варанюк.

У цэнтральным апараце БРСМ Свабодзе сказалі, што інфармацыі пра фінансаваньне БРСМ зь бюджэту не дадуць.

“Каб ня ўзьнік скандал, прасьцей утаіць зьвесткі”


Эканаміст, кіраўнік праекту “Кошт ураду” Ўладзімер Кавалкін у інтэрвію Свабодзе сказаў, што БРСМ не публікуе зьвестак пра фінансаваньне, бо ў такім выпадку ўсё стане “зразумела і празрыста, колькі грошай куды пайшло”.

Эканаміст Уладзімер Кавалкін
Эканаміст Уладзімер Кавалкін

— І магчыма, што недзе заробкі функцыянэраў, магчыма, нейкія бонусы і льготы стануць відаць падаткаплатнікам, і яны будуць незадаволеныя гэтым. Адпаведна, можа ўзьнікнуць скандал. І каб ня ўзьнік скандал, прасьцей утаіць зьвесткі на любой падставе і не публікаваць іх. Так паводзяць сябе, у прынцыпе, абсалютна ўсе дзяржарганізацыі, усе міністэрствы і чыноўнікі. Яны не публікуюць інфармацыю, проста каб чаго ня выйшла.

— А чым выклікана тое, што памер фінансаваньня сёлета большы, чым у папярэднія гады?

Зусім магчыма, што БРСМаўцы ўспрымаюць сябе такімі бюджэтнікамі

— Магчыма, яны заплянавалі нейкія вялікія мерапрыемствы. Можна толькі гадаць, бо мы бачым агульную суму, а ня бачым дэталяў. Аднак у бюджэце і стратэгіі ўраду закладзена падвышэньне заробкаў бюджэтнікам на 14%. Зусім магчыма, што БРСМаўцы ўспрымаюць сябе такімі бюджэтнікамі, і, адпаведна, падвышэньне фінансаваньня БРСМ зьвязана, сярод іншага, з падвышэньнем іхніх заробкаў.

— А як гэта адбываецца ў іншых краінах, ці фінансуецца недзе зь бюджэту падобныя арганізацыі?

— Безумоўна, на моладзевую палітыку практычна ўсе краіны трацяць нейкія грошы. Розьніца палягае толькі ў тым, што гэта дзяржзамова, і, як правіла, гэта праходзіць праз тэндэр.

У іншых краінах гэта дзяржзамова, і ён праходзіць праз тэндэр

То бок выдзяляюцца нейкія грошы зь бюджэту на нейкія мэтавыя патрэбы. І ў рамках гэтага адбываецца дзяржзакуп на правядзеньне, напрыклад, нейкага моладзевага фэстывалю. І тады ўжо некалькі арганізацый грамадзянскай супольнасьці падаюцца са сваімі прапановамі і або выйграюць гэты тэндэр і атрымліваюць фінансаваньне, або прайграюць. І такім чынам забясьпечваецца большая эфэктыўнасьць.

Бо тыя арганізацыі, што дрэнна арганізуюць мерапрыемствы, якія нецікавыя моладзі і якія завышаюць кошт сваіх паслуг, яны проста не выйграюць тэндэр.


— Як можна ацаніць эфэктыўнасьць БРСМ з пункту гледжаньня патрачаных імі грошай?

​— Арганізацыя працуе непразрыста і неэфэктыўна. І паколькі тэндэры на мерапрыемствы не праводзяцца, адпаведна, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ня могуць у іх удзельнічаць і спаборнічаць за атрыманьне фінансаваньня. Таму і матыву неяк паляпшаць сваю працу няма, бо ўсё роўна грошы зь бюджэту дадуць.

У выніку атрымліваецца праца дзеля працы, дзеля справаздач і паперы. А моладзь ня вельмі зацікаўленая ў тым, што ім можа прапанаваць БРСМ.

Крыніца: Радыё Свабода.