Прызначаны новы рэктар ЕГУ. Ізноў скандал

u Люты 27, 2018
y 779

Агульны сход сузаснавальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) прыняў адзінагалоснае рашэнне аб прызначэнні былога міністра адукацыі, моладзі і навукі Рэспублікі Балгарыі праф. Сяргея Ігнатава на пасаду Рэктара ЕГУ з 1 сакавіка.

Прафесар Сяргей Ігнатаў — міжнародна прызнаны егіптолаг, аўтар кніг «Марфалогія класічнага Егіпта», «Мудрасць старажытных егіпцян», «Егіпет фараонаў», «Папірус не расце на камяні», «Цела бога» і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Егіпта.

Акадэмічная кар’ера праф. Ігнатава пачалася на пасадзе лектара Сафійскага ўніверсітэта імя Св. Клімента Ахрыдскага. Напрыканцы 90-х гадоў ён пачаў працу ў Новым балгарскім універсітэце, дзе займаў пасаду дэкана Бакалаўрскай школы. Перш чым стаць Рэктарам ЕГУ, ён узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі. У 2002—2009 гг., праф. Ігнатаў быў рэктарам найбольш прыкметнага прыватнага балгарскага ўніверсітэта — Новага балгарскага ўніверсітэта.

Праф. Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень па егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама быў стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Апроч роднай балгарскай мовы, праф. Ігнатаў валодае рускай, англійскай і французскай мовамі. Ён таксама выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэчаскую мовы.

У 2009—2013 гг. праф. Ігнатаў займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Бойка Барысава. На пасадзе міністра праф. Ігнатаў ажыццявіў шэраг грунтоўных рэформаў у галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі.

Сяргей Ігнатаў падаў у адстаўку з міністэрскай пасады ў 2013 годзе пасля публікацыі справаздачы ўраду Балгарыі аб карупцыі пры прыёме на працу і выдачы грантаў. Адстаўцы Ігнатава папярэднічалі пратэсты балгарскіх навукоўцаў, выкліканыя карупцыйным скандалам. За месяц да сваёй адстаўкі Ігнатаў адмаўляў абвінавачванні ў карупцыі.

Паводле балгарскага выдання «Сега», у лістападзе 2012 году міністэрства адукацыі абвясціла конкурс грантаў для балгарскіх навукоўцаў. У выніку 95 заявак з 1200 атрымалі агулам 14,8 мільёнаў балгарскіх леваў (звыш 980 тысяч даляраў на лістапад 2012 году) ад Фонду навуковых даследаванняў. Навуковая супольнасць Балгарыі сцвярджала, што адбор заявак праводзіўся не празрыста, а гранты атрымалі навукоўцы Новага балгарскага ўніверсітэту, якім Ігнатаў кіраваў да міністэрскай пасады.