Старшыню Моладзі БНФ адлічваюць з БДУ

u Студзень 20, 2018
y 356

Старшыня Моладзі БНФ і студэнтка 2-га курсу Інстытуту журналістыкі БДУ Ганна Сьмілевіч не здала 19 студзеня трэці іспыт у сэсіі. Фармальна такая колькасьць запазычаньняў азначае адлічэньне студэнта.

«У мяне было тры пераздачы, сёньня я не здала трэці экзамэн. Прыйшла ў дэканат, спыталася, ці гэта ўсё, адлічэньне? Яны сказалі, так, ужо нельга пераздаць — усё», — расказала Ганна Сьмілевіч Радыё Свабода.

Паводле Ганны, што шмат хто з студэнтаў адказваў на такім жа ўзроўні, але ім ставілі хаця б мінімальны для здачы экзамэну бал. Яе ж адпраўлялі на пераздачы.

«Нельга сказаць, што я была ідэальна падрыхтавана, але, напэўна, паўплывала тое, што я стала кіраўніком Моладзі БНФ».

У выніку Ганна Сьмілевіч не здала прадметы «Тэорыя журналістыкі», «Мова сродкаў масавай камунікацыі» і «Прафэсійная этыка журналістыкі».

Ганна Сьмілевіч вывучала друкаваную журналістыку і , паводле яе слоў, раней ня мела пераздач і праблем з навучаньнем. Не чакала яна іх і пасьля абраньня старшынёй Моладзі БНФ. Нават калі пачаліся першыя непрыемнасьці на гэтай сэсіі, яна не сьпяшалася зьвязваць іх з сваёй палітычнай дзейнасьцю.

Аднак пасьля заліку па фізкультуры яе меркаваньне зьмянілася.

«Учора я атрымоўвала залік па фізкультуры. Фізрук сказаў, што да яго прыходзілі ягоныя сябры з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Распавялі, што я кіраўнік нейкай моладзевай структуры, пыталіся, ці я маю дачыненьне да БНФ і апазыцыйнай дзейнасьці».

Ганна Сьмілевіч сказала, што, напэўна, будзе аспрэчваць сваё адлічэньне.

Летась у сакавіку быў выключаны з БДУ і папярэдні старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.