У Брэсце збор подпісаў за Балонскі працэс можа скончыцца размовай з адміністрацыяй

u Красавік 20, 2018
y 124

На мінулым тыдні актывісты арганізацыі «Дзедзіч», якая аб’ядноўвае студэнтаў і выпускнікоў Брэсцкага ўніверсітэта, збіралі подпісы за рэалізацыю дарожнай карты Балонскага працэсу.

Людзі з «Дзедзіча» думаюць, што балонскія стандарты наблізяць беларускую адукацыю да ўзроўню лепшых еўрапейскіх ВНУ, знішчаць дэпрэсіўныя адукацыйныя практыкі савецкіх часоў.

«Подпісы збіраліся вакол універсітэцкіх корпусаў і студэнцкіх інтэрнатаў. Большасць студэнтаў станоўча ставілася да рэформаў і падпісывалі петыцыю. Аднак былі тыя, хто лічыў размеркаванне абавязковым, бо, маўляў, у вёсках не хапае спецыялістаў. Трапляліся студэнты, якія лічылі, што Балонскі працэс знізіць якасць адукацыі ў Беларусі: выпускнікі ў Еўрасаюзе куды слабейшыя за нашых. Сустракаліся і скептыкі, якія лічылі, што петыцыя нічога не зменіць, але подпіс ставілі», — інфармуе сайт арганізацыі, сцвярджаецца, што тых подпісаў сабралася тысяча. Іх адправілі ў Міністэрства адукацыі.

Праўда, калі да адміністрацыі студэнцкага гарадка дайшлі чуткі, што студэнты за нешта падпісваліся, пачалі «дзёргаць» стараст груп.

Вось такую перапіску УКантакце нам пераслаў адзін са студэнтаў з пазнакай «у нас тут жорсткі кіпіш». Словы «Не трэба было. Збяру вас на наступным тыдні і патлумачу» напісала сацыяльны педагог аднаго з інтэрнатаў Галіна Карабчук.

Студэнты сказалі нам, што першапачатковыя прэтэнзіі былі ў тым, што збор подпісаў «не ўзгаднілі», а таксама, што Балонскі працэс — гэта нібыта «пратэст супраць існай сістэмы адукацыі».

Сама ж тая тлумачальная сустрэча адбылася ўчора, 18 красавіка.

Яшчэ раней мы спрабавалі былі пагаварыць з Галінай Карабчук, але яна спачатку рабіла выгляд, што не разумее, пра што ідзе гаворка, а потым проста не змагла патлумачыць свае дзеянні.

А на сустрэчы са студэнтамі, як яны нам расказалі, ужо ніякага радыкалізму не было.

«Нам казалі ў духу «вы павінны ведаць, што вы падпісваеце», вось так. Гэта калі хтосьці не здолеў уцямна патлумачыць, чаму ён падпісаўся. Канкрэтнай нейкай крытыкі не было, было больш шуму напярэдадні. Праўда, усё адно не ясна, навошта нас збіраць і гаварыць пра гэта, калі мы ўсе дарослыя людзі — хто за што хоча, за тое і падпісваецца», — расказалі нам пра змест сустрэчы студэнты.